ВО́ЛАСА ПАЎНО́ЧНЫ, Волас Паўночны,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 6,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр. нац. парку Браслаўскія азёры, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,21 км², даўж. 3,56 км, найб. шыр. 2,5 км, найб. глыб. 29,2 м, даўж. берагавой лініі 13,7 км. Пл. вадазбору каля 12 км². Схілы катлавіны пад лесам, на Пд, У і ПнУ высокія, на З і Пн нізкія, спадзістыя, часткова разараныя. Дно са шматлікімі ўпадзінамі і мелкаводдзямі. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбей — сапрапелі і глеі. Зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 6—7 м. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Мае багаты жывёльны свет. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз. Воласа Паўднёвы, канавай з воз. Снуды.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)